СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ ПАЎНО́ЧНА-АМЕРЫКА́НСКІХ КАРДЫЛЬЕ́РАЎ,

частка складанага рухомага Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса зямной кары, выцягнутая ўздоўж зах. ускраіны Паўн. Амерыкі ў выглядзе сістэм складкавых гор (Кардыльеры Паўночнай Амерыкі). Уключае 4 структурныя сегменты: Аляскінскі, Канадскі, ЗША і Мексіканскі, для якіх характэрны 2 падоўжныя зоны — міягеасінклінальная (пояс Скалістых гор) і эўгеасінклінальная (Ціхаакіянскі пояс).

Міягеасінкліналь з позняй юры (невадыйская эпоха) уцягваецца ў інтэнсіўныя складкава-насоўныя дэфармацыі. У канцы мелу — пач. палеагену (ларамійская эпоха) складкаўтварэнне адбывалася ва ўсх. ч. Скалістых гор і прылеглых раёнах Паўн.-Амерыканскай платформы. У выніку актывізацыі тэктона-магматычных працэсаў у Кардыльерах Канады і ЗША узнікла серыя падняццяў фундамента, што абумовіла фарміраванне плато Каларада. Заключныя дэфармацыі і буйныя насовы ларамійскага ўзросту адзначаны на Алясцы (хр. Брукс) і ў Мексіцы (Усх. Сьера-Мадрэ). Складаная ўнутр. будова эўгеасінкліналі з зонамі меланжу, насовамі і ссовамі пачала развівацца ў пярмі і дасягнула кульмінацыі ў мелавы перыяд. У кайназоі на З вобласці былі пашыраны рыфтаўтварэнне (рыфты Рыо-Грандэ і Каліфарнійскага зал. ў Кардыльерах ЗША, на З Аляскі) і інтэнсіўны вулканізм, які працягваецца ў межах Алеуцкай дугі. Аляскінскага хр., Каскадных гор, Трансмексіканскага вулканічнага пояса. Шматлікія радовішчы нафты і газу (больш за 2 тыс.; у ЗША, Мексіцы, на шэльфе Мексіканскага зал.). медзі (ЗША, Канада, Мексіка), урану (плато Каларада) і інш.

В.​М.​Губін.

т. 14, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)